БУЙНАПАНЭ́ЛЬНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

канструкцыі з буйнапамерных плоскасных зборных элементаў. Вырабляюцца на спец. прадпрыемствах і манціруюцца на буд. пляцоўках. Выкарыстоўваюцца ў буд-ве жылых, грамадскіх і вытв. будынкаў, дарог, аэрадромаў, плацін, каналаў, прамысл. і інш. збудаванняў. З іх робяць насцілы міжпаверхавых перакрыццяў, панэлі пакрыццяў будынкаў, сценавыя панэлі, фундаментныя пліты і інш. Буйнапанэльныя канструкцыі найбольш пашыраны ў каркасна-панэльнай і панэльнай (бескаркаснай) канструкцыйных схемах будынкаў.

Буйнапанэльныя канструкцыі жылога дома: 1 — фундаментная пліта; 2 — адмостка; 3 — вонкавая сценавая панэль; 4 — панэль міжпаверхавага перакрыцця; 5 — унутраная сценавая панэль; 6 — вонкавая панэль у працэсе мантажу.

т. 3, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)